«НА́ША ХА́ТА»,

бел. кнігавыдавецкае таварыства. Існавала з 28.12.1908 да 1911 у Вільні. Арганізатары В.​Бонч-Асмалоўскі, Б.​Даніловіч, І.​Луцкевіч, Я.​Манькоўскі, А.​Уласаў, К.​Цэтэрман. Мела на мэце выданне кніг пра Беларусь на бел. і інш. мовах. У 1909—11 выпусціла творы маст. л-ры: ананімную бел. паэму «Тарас на Парнасе», «Дзед Завала» Ядвігіна Ш., «Дзядзька голад» С.​Віткевіча, «Дым» М.​Канапніцкай, «Архіп і Лявонка» М.​Горкага, падручнік «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.​Коласа, а таксама навук.-папулярныя кнігі. Спыніла дзейнасць у сувязі з эканам. цяжкасцямі.

А.​С.​Ліс.

т. 11, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)